Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца — БДІПЧ
Перад "выбарамі" сілавікі зладзілі заняткі па "працы" на выбарчых участках
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца, людзі, якія не згодныя з гэтым ці выступаюць за правы іншых, зазнаюць пераслед. Пра гэта гаворыцца ў заяве Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ).
"Праваабарончая праца можа ўключаць крытыку ўрада і спрыяе дабрабыту любога грамадства", — нагадаў дырэктар БДІПЧ Матэа Мекачы. Паводле яго, сумна бачыць, што гэтая праца ў Беларусі цяпер крыміналізаваная. Праваабаронцаў, актывістаў і звычайных грамадзян, якія асмеліліся выказаць сваю нязгоду, затрымліваюць, судзяць і адпраўляюць у турмы. Мекачы чарговы раз заклікаў "беларускія ўлады паважаць правы праваабаронцаў і ўсіх грамадзян", бо "на карту пастаўленае здароўе і нават жыццё гэтых людзей і іх сем'яў".
У БДІПЧ таксама нагадалі беларускім уладам пра іх міжнародныя абавязальніцтвы і абавязальніцтвы АБСЕ паважаць правы чалавека і вяршэнства закона, а таксама забяспечваць адказнасць за парушэнні прынцыпаў.
На гэтым фоне "БДІПЧ глыбока шкадуе пра рашэнне беларускіх уладаў не накіроўваць запрашэнні назіраць за парламенцкімі выбарамі, якія адбудуцца ў гэтыя выходныя". Гэтае рашэнне Мінска пазбаўляе грамадзян і інстытуты краіны бесстаронняй, празрыстай і ўсёабдымнай ацэнкі з боку міжнароднага органа, лічаць у Бюро. Тым не менш, там папярэдзілі, што ў рамках свайго мандата працягнуць уважліва сачыць за падзеямі ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.