Украінская армія пакінула Аўдзееўку

Аўдзееўка падчас вайны

Аўдзееўка падчас вайны / Прямий канал

Украіна выводзіць свае войскі з Аўдзееўкі — каб не дапусціць акружэння і смерці салдат. Такое рашэнне прыняў новы галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбук.

Па яго словах, жыццё вайскоўцаў — найвышэйшая каштоўнасць. Таму салдаты пяройдуць у абарону на больш выгадных рубяжах. Прымаюцца меры для стабілізацыі абстаноўкі і ўтрымання займаемых пазіцый.

"Нашы воіны годна выканалі свой вайсковы абавязак, зрабілі ўсё магчымае для знішчэння лепшых расійскіх воінскіх часцей, нанеслі ворагу значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы", — заявіў генерал. Ён перакананы, Аўдзееўка ўсё адно будзе вернута Украіне:

"У сітуацыі, калі вораг надыходзіць па трупах сваіх жа салдат з перавагай снарадаў дзесяць да аднаго, пад пастаяннымі бамбардзіроўкамі — гэта адзінае правільнае рашэнне".

Аўдзееўка — горад, які знаходзіцца ў 10 кіламетрах ад Данецка. Да вайны ў ім пражывала больш за 30 тысяч чалавек. Расійскія войскі шматкроць спрабавалі захапіць Аўдзееўку з самага пачатку вайны. Маштабны наступ на яе вёўся з кастрычніка 2023-га. Для абодвух бакоў горад меў важнае палітычнае і вайсковае значэнне. Расія спрабавала адсунуць украінскія войскі на бяспечную адлегласць, каб Данецк не трапляў пад абстрэлы артылерыі УСУ. Для Украіны гэта буйны чыгуначны вузел, магутны прамысловы цэнтр і пастаянная патэнцыйная пагроза для Данецка.

СМІ са спасылкай на крыніцы ў Крамлі паведамлялі, што перад расійскім войскам стаяла задача любой цаной захапіць гэты горад да прэзідэнцкіх выбараў у Расіі, каб прадэманстраваць поспехі Пуціна напярэдадні яго пераабрання.

Украінская армія доўга трымала абарону Аўдзееўкі, але сутыкнулася з крытычнай сітуацыяй — расіянам атрымалася акружыць частку ўкраінскіх войскаў і перарэзаць апошнюю вялікую трасу, па якой ажыццяўлялася забеспячэнне тых, хто абараняўся.

Камандуючы групоўкай "Таўрыя" Аляксандр Тарнаўскі заявіў, што "асабовы склад ужо выведзены" і ўкраінскія вайскоўцы "занялі абарону на пэўных рубяжах". На гэты момант ад горада мала што засталося: у выніку інтэнсіўных бамбёжак і баявых дзеянняў Аўдзееўка практычна цалкам разбурана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі